РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,
сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш. Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).
Літ.:
Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.Киселева, 1840—1857 гг. М., 1975.
В.Э.Загарульская.
т. 14, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)